ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,

бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл. Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.

Г.Г.Круглоў.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)